Галоўная Універсітэт Факультэты Фармацэўтычны факультэт

Фармацэўтычны факультэт

Адрас: 220116, г.Мінск, пр-т Дзяржынскага 83, 1-ы корпус.
Эл. пошта: decpharm@bsmu.by

Сярод усіх прафесій сучаснасці фармацэўтычная прафесія па праву лічыцца адной з самых прэстыжных і перспектыўных. Рост насельніцтва свету, павялічэнне працягласці жыцця, а таксама павышэнне дабрабыту людзей прыводзяць у выніку да таго, што штогадовыя выдаткі на ахову здароўя імкліва растуць. Значная частка гэтых выдаткаў прыпадае на лекі, якія вынаходзяць, даследуюць, вырабляюць і прадаюць людзі, якія абралі для сябе фармацэўтычную прафесію.

З 1 верасня 2011 года ў установе адукацыі «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» адкрыўся новы факультэт - фармацэўтычны, на якім навучаецца 100 беларускiх і 5 замежных студэнтаў.

Унікальнасць фармацэўтычнай адукацыі складаецца ў тым, што яна спалучае веды хімічных, медыка-біялагічных і спецыяльных фармацэўтычных дысцыплін з ведамі па арганізацыі фармацэўтычнага бізнэсу, працы аптэк, мэнэджмэнту і маркетынгу, кіравання фармацэўтычнай службай i фармацэўтычнай вытворчасцю, псіхалогіі і педагогікі, фармацэўтычнай этыкі і дэанталогіі. Асаблівае месца ў падрыхтоўцы правізара маюць фармакалогія і фармакатэрапія, якія фарміруюць веды і навыкі фармацэўтычнай дапамогі пацыенту, паколькі правізар з'яўляецца першым, а часам адзіным кансультантам хворага па асаблівасцях прымянення і пабочнага дзеяння лекаў.

Навучанне на факультэце цягнецца 5 гадоў. Зараз на 22 катэдрах універсітэта вывучаецца 47 прадметаў, электыўныя курсы, падрыхтоўваюцца курсавыя працы.

Першыя два гады вучобы студэнты факультэта спасцігаюць натуральныя навукі, асновы гуманітарных і сацыяльных дысцыплін, агульнапрафесійныя дысцыпліны. Гэтыя гады вучобы закладваюць падмурак тэарэтычных ведаў па спецыяльнасці.

Трэці - пяты курсы - гэта набыццё асноўнай базы тэарэтычных і практычных навыкаў па спецыяльнасці.

Пачынаючы з 1 курсу, у студэнтаў праходзіць прапедэўтычная практыка, на якой яны знаёмяцца з усімі галінамі фармацыі і ў іх фармiруецца ўяўленне аб іх будучай прафесіі. У летні час праходзяць практыку па батаніцы і фармакагназii, падчас якой знаёмяцца з лекавымі раслінамі, асаблівасцямі іх росту, нарыхтоўкі і сушкі.

З 3-га курса пачынаюцца вытворчыя практыкі, дзе будучы правізар мае магчымасць прымяніць атрыманыя веды непасрэдна ў аптэцы. Сёння ў свеце налічваецца больш за 350 тысяч розных лекавых сродкаў, кожны з якіх павінен адпавядаць галоўным патрабаванням: быць бяспечным, эфектыўным і даступным для насельніцтва, і правізар павінен арыентавацца ў гэтым цікавым, складаным і жыццёва важным свеце лекаў.

Ужо з 1-га курса студэнт атрымлівае магчымасць наведваць навуковыя студэнцкія гурткі пры катэдрах, выступаць з дакладамі на пасяджэннях, на навуковых канферэнцыях БДМУ, а лепшыя навуковыя працы прадстаўляць на рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх навуковых прац.

На працягу ўсёй вучобы студэнты займаюцца не толькі вучэбнай дзейнасцю, але праяўляюць свае таленты як у мастацкай, так і ў спартыўнай сферах жыццядзейнасці універсітэта, і асабліва ўлюбёным з'яўляецца ўдзел у камандзе КВЗ, бо менавіта там яны дэманструюць і гумар, і кемлівасць, і знаходлівасць.

Па заканчэнні 5 - га курса студэнты здаюць дзяржаўныя экзамены і па жаданні пішуць дыпломную працу, пасля чаго ім прысвойваецца кваліфікацыя 'правізар» і выдаецца дыплом агульнадзяржаўнага ўзору.

Такім чынам, навучаючыся на нашым факультэце вы атрымліваеце папулярную, добра аплачваемую і дэфіцытную спецыяльнасць, з аднаго боку, і з другога - ваша прафесійная дзейнасць будзе непасрэдна ўплываць на здароўе нацыі. Выпускнік фармацэўтычнага факультэта - гэта леказнаўца, ён, як ніхто іншы ведае пра лекі ўсё, пачынаючы ад iх сінтэзу і стварэння лекавай формы, фармакалагічнай актыўнасці, умоў захоўвання і кантролю якасці да рэалізацыі пацыенту.

Штогод сусветны рынак лекаў, нягледзячы на агульнае падзенне рынку працы ў перыяд крызісу, расце на 9-10% у год і ў 2010 годзе перавысіў 825.000.000.000 даляраў. Роля фармацэўтычнага бізнэсу ў эканоміцы многіх краін у апошнія дзесяцігоддзі параўнальная з гандлем нафтай і іншымі карыснымі выкапнямі. Патрэба ў фармацэўтычных спецыялістах амаль на 50% перавышае патрэбу ў спецыялістах іншых прафесій..

 

 Падзяліцеся